| 
		
	
		
		
		
		 
			
			Ігнат Грынявіцкі 
1856 - 1.3.1881 
 
 
Рэвалюцыянер-нарадаволец. Нарадзіўся ў маёнтку Басін Бабруйскага павета ў сям’і дробнамаянтковых дваран. 
 
Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута (1875-80) удзельнічаў у польска-літоўска-беларускіх і рускіх рэвалюцыйных гуртках, вёў прапаганду сярод рабочых, збіраў грошы палітычным вязням, фабрыкаваў пашпарты рэвалюцыянерам. З 1879 член партыі "Народная воля". Адзін з заснавальнікаў беларускай фракцыі, нацыянальная праграма якой надрукавана ў 1884 у часопісе "Гомон" (№ 2). 
 
У траўні 1880 Г. пакідае інстытут і, перайшоўшы на нелегальнае становішча, ператвараецца ў віленскага мешчаніна Ельнікава. Разам з А.І.Жалябавым, С.Л.Пяроўскай і інш. ўваходзіць у цэнтральны нарадавольскі гурток прапагандыстаў. Адзін са стваральнікаў, аўтараў і наборшчыкаў нарадавольскай "Рабочей газеты", уключыў у выданне газеты земляка А.С.Барэйшу. Уваходзіў у групу, якая ўсю зіму 1880-81 сачыла за выездамі цара. 26.2.1881 на кватэры Г. адбыўся сход арганізатараў замаху на расейскага цара Аляксандра ІІ. Адзін з 4 выканаўцаў, якім "Народная воля" даручыла тэрарыстычную аперацыю. У сваім запавеце напісаў: "Аляксандр ІІ павінен памерці. Ён памрэ, а разам з ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы... Гісторыя сведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў..." 
 
1.3.1881 бомбай, якую кінуў Г., забіты цар Аляксандр ІІ, а Г. смяротна паранены.
		 
		
		
		
		
		
		
		
		
			
			
			
			
				 
			
			
			
			
			
			
			
				
			
			
			
		 
	
	 |