Гэты зварот скіраваны найперш да чыноўнікаў-беларусаў.
Менавіта чыноўнікі маюць магчымасьць найбольш эфектыўна карэнным чынам зьмяніць сытуацыю ў справе спыненьня злачынных працэсаў асіміляцыі. Працэсы асіміляцыі захлынуцца, як толькі пачне пашырацца ўжываньне нашай роднай беларускай мовы. Трэба скарыстаць канстытуцыйны статус дзяржаўнасьці беларускай мовы. На агрэсію асімілятараў трэба адказаць цьвёрдасьцю пазыцыі ў адстойваньні сваёй нацыянальнай годнасьці. Неабходна перакуліць на 180 градусаў скіраванасьць выказваньня: “Чалавек павінен мець права выбару, на якой мове яму гаварыць”. “Мы робім выбар на карысьць беларускай мовы”. Так можна адказаць любому чынадралу-асімілятару, які атабарыўся ў структурах вэртыкалі рэжыму, калі ён спытае: “Что это ты перешел на белорусский?”
Чыноўнікі, якія робяць “прагматычны” выбар на ролю пасобнікаў забойства беларускага народа, ператварэньня яго ў “рускіх ніжэйшай якасьці”, становяцца на адну дошку з гэбоўскімі паслугачамі, якія “стукалі”, катавалі людзей ў турмах, ГУЛАГах, забівалі ў Курапатах. Настане час, калі прыдзецца адказваць за здраду сваім продкам, сваім нашчадкам і свайму народу.
Непазьбежны распад расейскай імпэрыі. Тое, што пачало гніць знутры, абавязкова згніе ўшчэнт. Ня выратуе ні газ, ні нафта, ні лубянскія спэцы.
Ганьба тым, што гнуцца, як трава, ганьба здраднікам.
Беларуская Дзяржава адродзіцца, беларуская культура расквітнее. Гэта зробяць Беларусы.
Пашана і слава абаронцам беларускай культуры! Пашана людзям, што не страцілі нацыянальнай годнасьці, што не ўгінаюцца перад чужынцам, што ня гнуцца перад абставінамі!
Дбайма і думайма пра будучыню Беларускай нацыі!
|